• 1

    УК "Навагрудскі гістарычна-краязнаўчы музей"

    Так сталася, што адзін з самых важных у гісторыі Беларусі гарадоў – Навагрудак – не меў музея аж да таго часу, пакуль Беларусь не стала незалежнай. Аднак, яшчэ да яго стварэння гісторыяй горада цікавіліся многія, збіралі матэрыяльныя сведчанні мінулага. Да ўзнікнення музея прычыніліся мясцовыя краязнаўцы Раман Лецка, Таццяна Царук, Барыс Бесараб, а таксама навукоўцы – ураджэнцы Навагрудчыны – Вячаслаў Чамярыцкі, Мікола Нікалаеў, Міхаіл Касцюк. Узнікла ініцыятыўная група, і гарадскі камітэт КПБ прыняў рашэнне аб стварэнні музея,які быў заснаваны 25 жніўня 1987 г. Адказнай за збор музейных прадметаў была прызначана Ніна Пятроўна Шурак – супрацоўніца ідэалагічнага аддзела гаркама партыі. Ад заснавання музея да адкрыцця экспазіцыі прайшло 5 гадоў. У гэты час Беларусь атрымала незалежнасць, і экспазіцыя новага музея стваралася на хвалі растучай цікавасці да ўласнай гісторыі. У час адкрыцця вытокаў дзяржаўнасці музей стаў цэнтрам даследавання і прапаганды гісторыка-культурнай спадчыны Навагрудчыны як цэнтра ўтварэння Вялікага княства Літоўскага. З 12 верасня 1992 г. дзейнічае музейная экспазіцыя, у якой на 350 м2 прадстаўлена гісторыя і культура Навагрудчыны ад узнікнення горада да сярэдзіны ХХ ст. Зборы налічваюць каля 22 000 прадметаў музейнага значэння, у тым ліку 14 калекцый.

    •  
    •  
  • 2

    Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы

    У кожнага народа ёсць песняры, прарокі, што сілай свайго паэтычнага таленту вызначаюць не толькі шляхі развіцця роднай мовы, літаратуры, культуры, але і фарміруюць нацыянальную самасвядомасць, увасабляюць нацыянальную ідэю, даючы мэту і сэнс існавання не аднаму пакаленню. Яны становяцца сімваламі свайго народа. Для беларусаў такім сімвалам з’яўляецца Янка Купала (1882 – 1942). Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы заснаваны 22 мая 1944 года, першых наведвальнікаў прыняў 20 верасня 1945 года. Стваральнікам і першым дырэктарам музея стала жонка Янкі Купалы – Уладзіслава Францаўна Луцэвіч. Ёй належыць вялікая заслуга ў пошуках і захаванні рукапісаў, фотаздымкаў, першадрукаў, асабістых рэчаў пісьменніка і яго саратнікаў. Гэтыя матэрыялы і паклалі пачатак фондавым калекцыям музея. З 1959 года музей знаходзіцца па адрасе вуліца Янкі Купалы ў адмыслова збудаваным будынку на тым месцы, дзе паэт жыў з 1927 па 1941 год у доме, які згарэў у час ІІ Сусветнай вайны. Музей мае 4 філіялы. Старэйшыя – радзіма Янкі Купалы Вязынка і Ляўкі, дзе месцілася дача паэта, – маюць статус мемарыяльнага запаведніка. Мемарыялізаваны Акопы, дзе прайшлі самыя плённыя гады творчасці, і Яхімоўшчына, дзе былі напісаны вершы, што ўвайшлі ў першы зборнік “Жалейка”. Сёння Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы – адзін з самых сучасных у Рэспубліцы Беларусь. Трэцяя экспазіцыя “Шляхі” (2014) на новым ўзроўні прадстаўляе Янку Купалу – генія нацыянальнай літаратуры, які сваім словам абуджаў свядомасць беларусаў як нацыі, годных прадстаўнікоў славянскай і сусветнай супольнасці. Выкарыстанне IT-тэхналогій пашырыла інфармацыйныя магчымасці экспазіцыі, паспрыяла стварэнню атмасферы месца і часу, эфекту прысутнасці. Унікальным з’яўляецца ”Галаграфічны тэатр“ – праекцыя рухомай постаці Янкі Купалы, агучаная арыгінальным запісам голасу паэта. Сучасныя літаратурна-дакументальныя экспазіцыі створаны ў Вязынцы (2012) і Ляўках (2015) . Музей сабраў каманду аднадумцаў, аб’яднаных любоўю да беларускага слова, павагай да нашай гісторыі, якімі яны дзеляцца з людзьмі, укладаючы ў справу не толькі веды, але і частку душы. Плён дзейнасці музейнай каманды не застаўся незаўважаны. Музейныя праекты занялі прызавыя месцы на трох Нацыянальных форумах “Музеі Беларусі”: 1- е за дызайн-праект экспазіцыі “Шляхі” (2012), 2-е за выданне каталога “Ты гэтых вачэй не забудзь…” і выставачны праект “Будзь ЯК: Янка Купала і стыль” (2014), а таксама за распрацоўку лічбавага шрыфту “PIASNIAR” на аснове почырку паэта (2016). Шрыфт атрымаў 2-гі прыз і на міжнародным спецыялізаваным форуме па інфармацыйных тэхналогіях TIBO-2015. У 2012 годзе калектыў музея ўзнагароджаны спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва. У 2017 годзе на Міжнародным конкурсе на лепшы славянскі музей “ŽIVA” (Cлавенія) музей атрымаў прыз у адной з 5 намінацый – “За лідэрства”сярод 23 музеяў з 11 славянскіх краін. Але галоўная ўзнагарода – усмешка і добрае слова тых, хто прыходзіць у Купалаў дом!

    •  
    •  
  • 3

    Вадзяны млын

    Аграгарадок Жодзішкі (Смаргонскі раён Гродзенскай вобласці) размешчаны ў маляўнічым месцы на беразе ракі Вілія. Жодзішкі вядомыя з пачатку XVI стагоддзя. У 1774 годзе кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі надаў Жодзішкам Магдэбургскае права. Вадзяны млын пабудаваны ў Жодзішках ў 1781 годзе, а ў 1997 годзе намаганнямі Францішка Жылкі, ўласніка млына і дэрэктара ТАА “ФРА-МІЛ”, адрэстаўраваны і працуе па цяперашні час – меле муку жорнамі з дапамогай вады. На млыне да канца XIX стагоддзя малолі зерне на муку з дапамогай драўлянага кола дыяметрам 4 метра (яно адноўлена), а ў канцы XIX стагоддзя была ўсталяваная турбіна (ў 1996 годзе адрэстаўраваная). У цяперашні час млын у аг. Жодзішкі з’яўляецца адзіным дзеючым старадаўнім вадзяным млыном на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. У будынку млына размешчаны этнаграфічны музей і музей збожжа і хлеба.

    •  
    •  
  • 4

    Гісторыка-мастацкі музей

    Дзяржаўная установа "Гісторыка-мастацкі музей" праводзіць беларускамоўныя экскурсіі ў Лідскім Замку.

    •  
    •  
;