Ведаем, шануем! Як мінімум, адкажам на мове звяртання!
У маляўнічым кутку недалёка ад рэчкі Свіслач з паэтычнай назвай Серабранка вось ужо 40 год існуе наша родная сярэдняя школа №2, зараз гімназія №28, у якой працуе калектыў аднадумцаў, які імкнецца замацаваць родную мову, родную культуру, выхаваць сапраўдных грамадзян сінявокай Беларусі. З 1975 па 1993г. дырэктарам школы быў Фінкевіч Валянцін Канстанцінавіч. З 2009г. дырэктар гімназіі №28 - Лазоўская Ніна Аляксандраўна.
За сорак год з гімназіі выйшла больш двух тысяч выпускнікоў, якіх можна сёння знайсці ў розных кутках нашай краіны на самых розных пасадах.
З 1991 года наша гімназія стала беларускамоўнай. Усе прадметы вывучаюцца на роднай мове. Традыцыйнымі сталі тыдні беларускай пісьменнасці і культуры, падарожжы па родным краі, знаёмства з побытам, традыцыямі, гісторыяй роднай зямлі, сустрэчы з беларускімі дзеячамі літаратуры і мастацтва, такімі як І. Шамякін, Н. Гілевіч, Р. Барадулін, К. Тарасаў, В. Іпатава, В. Зуёнак, А. Камоцкі, ансамбль “Свята” і многія іншыя.
Гэтыя сустрэчы дапамагаюць моладзі зразумець свае вытокі, свае карані, адчуць, хто мы і адкуль мы, што з’яўляецца надзвычай актуальным у наш складаны час.
З 1995 года школе № 2 быў нададзены статус школы з паглыбленым вывучэннем замежных моў (французская, англійская). Паглыбленае вывучэнне замежных моў дало магчымасць наладзіць цесныя сувязі з Францыяй, якія доўжацца ўжо каля дзесяці год.
У 2008 годзе школа №2 атрымала статус гімназіі.
Вучні школы маюць магчымасць два разы ў год наведаць Францыю, што садзейнічае пашырэнню іх моўнай практыкі, развіццю іх кругагляду. Падчас падарожжа ў Францыю дзеці знаёмяцца з еўрапейскімі сталіцамі, гуляюць па вуліцах Варшавы і Прагі, Берліна і Парыжа.
Вучні набываюць не толькі моўную практыку, але і знаёмяць сваіх французскіх сяброў з беларускай культурай, нашымі звычаямі, традыцыямі.
Гэта выклікае цікавасць у французаў, яны прыязджаюць да нас.
Вучацца ў нашай гімназіі не толькі дзеці з мікрараёна Серабранка, але і едуць да нас здалёк, з Уручча, з Малінаўкі, з Сухарава і іншых мікрараёнаў горада.
Гімназія №28