МОВА НАНОВА – бясплатныя курсы беларускай мовы. Існуюць са студзеня 2014 года. Запачаткаваныя ў Менску філолагам Алесяй Літвіноўскай і журналістам Глебам Лабадзенкам. У лістападзе 2014 года курсы атрымалі дзяржаўную рэгістрацыю як “Сацыяльна-культурная ўстанова развіцця беларускай мовы і культуры “Мова Нанова”.
Назва курсаў тлумачыцца проста. Многія беларусы кажуць, што беларуская – іх родная мова. Пры гэтым не зусім добра ці зусім нядобра ведаюць яе. Гэтае словазлучэнне “родная мова” вельмі часта ўводзіць у зман нас саміх. Час прызнацца, што нам пара вучыць беларускую мову нанова! Такія прыклады – калі народ адраджаў паўзабытую мову – ёсць у гісторыі, і яны натхняюць!
Канцэпцыя курсаў – неакадэмічнае вывучэнне мовы. То бок, уся інфармацыя – лексіка і граматыка – падаецца праверанай і пісьменнай. Але робіцца гэта ў інтэрактыўных формах, цікава і нязмушана. Прынцыповы момант: ніякай палітыкі на занятках, курсы па-за палітыкай.
Кожныя заняткі маюць некалькі ўмоўных рубрык – Слоўнік, Граматыка, Цікавінкі ды г.д. Матэрыялы, выкладзеныя тут, простыя для разумення, вывучэння і навучання.
Мова Нанова
У выглядзе дадатку для мабільных дэвайсаў