У кожнага народа ёсць песняры, прарокі, што сілай свайго паэтычнага таленту вызначаюць не толькі шляхі развіцця роднай мовы, літаратуры, культуры, але і фарміруюць нацыянальную самасвядомасць, увасабляюць нацыянальную ідэю, даючы мэту і сэнс існавання не аднаму пакаленню. Яны становяцца сімваламі свайго народа. Для беларусаў такім сімвалам з’яўляецца Янка Купала (1882 – 1942). Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы заснаваны 22 мая 1944 года, першых наведвальнікаў прыняў 20 верасня 1945 года. Стваральнікам і першым дырэктарам музея стала жонка Янкі Купалы – Уладзіслава Францаўна Луцэвіч. Ёй належыць вялікая заслуга ў пошуках і захаванні рукапісаў, фотаздымкаў, першадрукаў, асабістых рэчаў пісьменніка і яго саратнікаў. Гэтыя матэрыялы і паклалі пачатак фондавым калекцыям музея. З 1959 года музей знаходзіцца па адрасе вуліца Янкі Купалы ў адмыслова збудаваным будынку на тым месцы, дзе паэт жыў з 1927 па 1941 год у доме, які згарэў у час ІІ Сусветнай вайны. Музей мае 4 філіялы. Старэйшыя – радзіма Янкі Купалы Вязынка і Ляўкі, дзе месцілася дача паэта, – маюць статус мемарыяльнага запаведніка. Мемарыялізаваны Акопы, дзе прайшлі самыя плённыя гады творчасці, і Яхімоўшчына, дзе былі напісаны вершы, што ўвайшлі ў першы зборнік “Жалейка”. Сёння Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы – адзін з самых сучасных у Рэспубліцы Беларусь. Трэцяя экспазіцыя “Шляхі” (2014) на новым ўзроўні прадстаўляе Янку Купалу – генія нацыянальнай літаратуры, які сваім словам абуджаў свядомасць беларусаў як нацыі, годных прадстаўнікоў славянскай і сусветнай супольнасці. Выкарыстанне IT-тэхналогій пашырыла інфармацыйныя магчымасці экспазіцыі, паспрыяла стварэнню атмасферы месца і часу, эфекту прысутнасці. Унікальным з’яўляецца ”Галаграфічны тэатр“ – праекцыя рухомай постаці Янкі Купалы, агучаная арыгінальным запісам голасу паэта. Сучасныя літаратурна-дакументальныя экспазіцыі створаны ў Вязынцы (2012) і Ляўках (2015) . Музей сабраў каманду аднадумцаў, аб’яднаных любоўю да беларускага слова, павагай да нашай гісторыі, якімі яны дзеляцца з людзьмі, укладаючы ў справу не толькі веды, але і частку душы. Плён дзейнасці музейнай каманды не застаўся незаўважаны. Музейныя праекты занялі прызавыя месцы на трох Нацыянальных форумах “Музеі Беларусі”: 1- е за дызайн-праект экспазіцыі “Шляхі” (2012), 2-е за выданне каталога “Ты гэтых вачэй не забудзь…” і выставачны праект “Будзь ЯК: Янка Купала і стыль” (2014), а таксама за распрацоўку лічбавага шрыфту “PIASNIAR” на аснове почырку паэта (2016). Шрыфт атрымаў 2-гі прыз і на міжнародным спецыялізаваным форуме па інфармацыйных тэхналогіях TIBO-2015. У 2012 годзе калектыў музея ўзнагароджаны спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва. У 2017 годзе на Міжнародным конкурсе на лепшы славянскі музей “ŽIVA” (Cлавенія) музей атрымаў прыз у адной з 5 намінацый – “За лідэрства”сярод 23 музеяў з 11 славянскіх краін. Але галоўная ўзнагарода – усмешка і добрае слова тых, хто прыходзіць у Купалаў дом!